ГРУ́ДНАЯ ПО́ЛАСЦЬ,
пярэдняя частка поласці цела млекакормячых жывёл і чалавека. Размешчана ў грудной клетцы і абмежавана ўнутрыгрудной фасцыяй. Ад брушнай поласці аддзелена дыяфрагмай. У грудной поласці — сэрца, лёгкія, трахея, стрававод, крывяносныя і лімфатычныя сасуды, нервы. Грудная поласць уключае 2 серозныя плеўральныя мяшкі і размешчанае паміж імі міжсценне, у ніжнім аддзеле якога — серозная поласць. Паміж парыетальным і вісцэральным лісткамі плеўры — поласць плеўры, якая мае важнае значэнне ў дыханні. У ёй пры пашкоджаннях ці запаленчых хваробах збіраецца паветра, кроў, серозная вадкасць, гной.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)